BE
ru

За якія правіны могуць адлічыць з універсітэта?

Кодэкс аб адукацыі і правілы ўнутранага распарадку кожнага ўніверсітэта вызначаюць шэраг дысцыплінарных парушэнняў, якія могуць пацягнуць за сабой адказнасць. Папярэдняе спыненне адукацыйных адносін (адлічэнне) як мера дысцыплінарнай адказнасці можа быць ужыта за:

  • адсутнасць на вучэбных занятках (акрамя адсутнасці ў сувязі з адбываннем адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе адміністрацыйнага арышту) без уважлівых прычын больш за 72 акадэмічныя гадзіны на працягу семестра або паловы года;
  • невыкананне або неналежнае выкананне без уважлівых прычын абавязкаў навучэнцам, які мае неадмененае (непагашанае) дысцыплінарнае спагнанне (заўвага або вымова). Такія спагнанні аўтаматычна лічацца пагашанымі праз год з дня іх прымянення.

Такім чынам, адлічэнне можа стаць наступствам паўторнага прыцягнення да дысцыплінарнай адказнасці за:

  • спазненні або няяўкі без уважлівых прычын на вучэбныя заняткі, вытворчае навучанне, практыку, стажыроўку і іншыя формы арганізацыі адукацыйнага працэсу;

  • парушэнне дысцыпліны;

  • непадпарадкаванне падчас вытворчага навучання, практыкі, стажыроўкі рэжыму працоўнага часу, вызначанага правіламі ўнутранага працоўнага распарадку адпаведнай арганізацыі;

  • невыкананне без уважлівых прычын патрабавання педагагічнага работніка, якое заснавана на акце заканадаўства, статутным дакуменце або іншым лакальным прававым акце ўстановы адукацыі;

  • абразы ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу;

  • пашкоджанне капітальных будынкаў (зда́нняў, збудаванняў), абсталявання або іншага маёмаснага фонду;

  • ужыванне алкагольных, слабаалкагольных напояў, піва, наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў, таксічных або іншых дурманячых рэчываў у памяшканнях і на тэрыторыях, якімі карыстаецца ўніверсітэт, а таксама з’яўленне ў стане алкагольнага, наркатычнага або таксічнага ап’янення;

  • курэнне (ужыванне) тытунёвых вырабаў, выкарыстанне электронных сістэм курэння, сістэм для ўжывання тытуню ў памяшканнях і на тэрыторыях універсітэта;

  • іншыя супрацьпраўныя дзеянні.

Важна памятаць, што навучэнец можа быць прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці не пазней чым праз месяц з дня выяўлення дысцыплінарнага правінення, не ўлічваючы час хваробы навучэнца, знаходжання яго на канікулах або ў адпачынку.


Навучэнец, які прыцягваецца да дысцыплінарнай адказнасці, лічыцца нявінаватым, пакуль яго віна не будзе даказана і ўстаноўлена загадам аб прымяненні меры дысцыплінарнага спагнання, які выдае кіраўнік установы адукацыі. Навучэнец або законны прадстаўнік непаўналетняга навучэнца маюць права:

  • азнаёміцца з усімі матэрыяламі, якія тычацца здзейсненага дысцыплінарнага правінення, рабіць копіі дакументаў;

  • даваць тлумачэнні і прадстаўляць доказы або адмовіцца ад дачы тлумачэнняў;

  • быць заслуханымі падчас разгляду пытанняў, што закранаюць іх інтарэсы, прысутнічаць на разглядзе;

  • атрымаць юрыдычную дапамогу ў адпаведнасці з актамі заканадаўства;

  • азнаёміцца з загадам аб прымяненні меры дысцыплінарнага спагнання, атрымаць яго копію і абскардзіць яго.

Да прымянення меры дысцыплінарнага спагнання кіраўнік установы адукацыі на працягу двух каляндарных дзён пасля выяўлення ўчынення навучэнцам дзеяння, што мае прыкметы дысцыплінарнага правінення, абавязаны пісьмова паведаміць аднаго з законных прадстаўнікоў непаўналетняга навучэнца і запатрабаваць ад навучэнца пісьмовае тлумачэнне. Пісьмовае тлумачэнне падаецца навучэнцам на працягу трох каляндарных дзён пасля яго запатрабавання. Яго непадача (немагчымасць атрымання) афармляецца актам, які падпісваецца трыма супрацоўнікамі ўстановы адукацыі, і гэта ніяк не перашкаджае прымяненню меры дысцыплінарнага спагнання да навучэнца.

Хоць адбыванне адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе адміністрацыйнага арышту не адносіцца да дысцыплінарных спагнанняў, аднак аднаразовае грубае парушэнне студэнтам абавязкаў навучэнца, якое выражаецца ў адсутнасці на вучэбных занятках у сувязі з адбываннем такога спагнання, усё адно вядзе да адлічэння.

Падставай для адлічэння з’яўляецца рашэнне кіраўніка ўстановы адукацыі. З рашэннем аб адлічэнні навучэнец, законны прадстаўнік непаўналетняга навучэнца павінны быць азнаёмлены пад роспіс не пазней за дату адлічэння, пазначаную ў рашэнні. Пры немагчымасці такога азнаямлення копія рашэння накіроўваецца навучэнцу, законнаму прадстаўніку непаўналетняга навучэнца па месцы жыхарства не пазней за дзень адлічэння, пазначаны ў рашэнні. Адлічэнне непаўналетняга навучэнца дапускаецца толькі са згоды адпаведнай камісіі па справах непаўналетніх.

Ці не знайшоў адказ на сваё пытанне?
Патрэбна дапамога?