У Беларусі ўнесены змены ў правілы прыёму ў ВНУ. Што мяняецца
У аўторак, 6 студзеня, Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ «Аб удасканаленні ўступнай кампаніі». Пра гэта паведамілі ў прэс-службе.
Паводле ўказа створана дзяржаўная камісія, якая будзе кантраляваць падрыхтоўку і правядзенне ўступнай кампаніі. Камісія будзе сачыць за ўніверсітэцкімі алімпіядамі, што даюць права на льготнае паступленне ў ВНУ. Узначаліць яе намесніца прэм’ер-міністра Наталля Петкевіч, а ў склад увайдуць прадстаўнікі Савета Рэспублікі, Палаты прадстаўнікоў і іншых дзяржаўных органаў.
Таксама ўказам абноўлены некаторыя правілы прыёму ў ўніверсітэты і каледжы. Важнае змяненне — цяпер для паступлення ў ВНУ на завочную (дыстанцыйную) форму навучання не патрабуецца адпаведнасць працоўнага стажу абранаму профілю адукацыі.
Акрамя таго, удакладнены катэгорыі людзей, якія маюць льготы пры залічэнні ў сувязі са стварэннем каледжа Міністэрства ўнутраных спраў.
Акрамя гэтага, уводзіцца профільнае выпрабаванне па прадмеце «Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі», бо гэтую дысцыпліну ў 10–11 класах цяпер вывучаюць замест «Гісторыі Беларусі».